У які від спорту аддаць дзіця — можна даведацца з дапамогай тэстаў

«Раней лічылі, што лёс чалавека напісаны на зорках. Цяпер мы ведаем, што ён запісаны ў яго генах», так казаў Джэймс Дзюі Уотсан, які адкрыў спіральную структуру ДНК чалавека. Сёння навука пайшла нашмат далей і інфармацыю пра гены можна выкарыстоўваць не толькі выключна ў медыцынскіх мэтах. Пра тое, як развіваецца спартыўная генетыка і для чаго яна патрэбна, расказаў галоўны ўрач Цэнтра спартыўнай рэабілітацыі Федэрацыі біятлона Павел Дрынеўскі.


Структура ДНК чалавека налічвае каля 19 тысяч генаў і ўяўляе сабой вельмі складаную сістэму. У 50—60-я гады, падчас актыўнага развіцця алімпійскага руху, навукоўцамі была адзначана ўзаемасувязь паміж наследаванымі фактарамі і выніковасцю спартсмена. Самы просты прыклад — у СССР кожны трэнер пачынаў набор дзяцей у спартыўную секцыю з пытання: «Ці займаліся бацькі спортам і наколькі паспяхова?» Ужо толькі па адказе можна было зрабіць першыя высновы наконт таго, ці схільнае дзіця да павышаных фізічных нагрузак. Пазней навукоўцы даказалі, калі хаця б адзін з бацькоў з'яўляўся прафесійным спартсменам, з пяцідзесяці працэнтнай гарантыяй можна казаць пра тое, што і дзіця даб'ецца высокіх спартыўных вынікаў. Калі абодва бацькі былі паспяховыя ў спорце — лічба ўзрастае да 70%.

Сакрэты ДНК

— Перад правядзеннем Алімпійскіх гульняў у Маскве навукоўцы задумаліся аб стварэнні лабараторыі антрапаметрыі і генетыкі. Бо стала зразумела, што такія антрапаметрычныя паказчыкі, як рост чалавека, маса цела, шырыня косці перадаюцца па спадчыне. Акрамя таго, у чалавечай ДНК ёсць гены, якія кадзіруюць даныя, што дазваляюць паказваць высокія спартыўныя вынікі — хуткасць, вынослівасць, скакучасць, гнуткасць і псіхалагічныя характарыстыкі, — распавядае Павел Адамавіч.

Доктар адзначае, што сёння генетыка мае вялікае значэнне ў спорце высокіх дасягненняў. Вывучэнне генаў спартсмена дазваляе стварыць графік аптымальнага і эфектыўнага трэніровачнага працэсу, прадумаць рацыён харчавання, выключыць траўмы і прагназаваць узнікненне захворванняў. А для дзяцей правільна падабраць від спорту, каб у будучыні дасягнуць у ім максімальных вынікаў.

— Выяўлена каля 300 генаў, якія могуць уплываць на спартыўныя вынікі, але вывучаць усе не абавязкова, з іх можна вылучыць тры асноўныя. Першы і адзін з самых важных генаў адкрыў амерыканец Х'ю Мантгомеры, ён кадзіруе фермент, які адказвае за тонус сасудаў і развіццё ўсёй сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека. Яго вывучэнне дае зразумець, як сэрца рэагуе на нагрузку. Гэтая інфармацыя дазваляе сказаць для якіх відаў спорту падыходзіць чалавек — сілавых, як, напрыклад, штанга або спрынт, ці відаў, дзе, акрамя хуткасці, патрэбна вынослівасць — марафон, футбол, лыжныя гонкі і гэтак далей. Некаторая рэакцыя сэрца на нагрузкі наогул дазваляе забараніць займацца прафесійным спортам.

Атрымліваецца, што і без педагагічных тэстаў, можна выявіць схільнасць да віду спорту ўсяго па адным гене ўжо ў двухгадовага дзіцяці.

— У 2006 годзе мы праводзілі даследаванні нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, правяраючы толькі гэты ген, і ўбачылі наколькі магутны ўплыў ён аказвае на вынікі спартсменаў. Зразумела, не будзем называць імёны, але ў камандзе былі людзі, якія, мяркуючы па тэсце, цалкам не схільныя да свайго віду спорту і з часам яны выпалі са складу каманды з-за траўмаў або проста не вытрымалі канкурэнцыі.

Павел Дрынеўскі называе яшчэ адзін з трох самых важных генаў, які адказвае за метабалізм тлушчаў і вугляводаў у арганізме чалавека.

— Запасы вугляводаў у нас абмежаваныя, а вось тлушчаў — не. Вугляводы выгараюць прыкладна пасля гадзіны фізічнай нагрузкі, таму важна, каб арганізм спартсмена здолеў выкарыстоўваць тлушчы, тады ў атлета нашмат больш энергіі і сіл. Можна прасачыць заканамернасць: усе марафонцы вельмі худыя, менавіта таму, што іх метабалізм працуе на высокім узроўні і з'яўляецца вельмі эканамічным. У марафоне ёсць паняцце — «удар са сцяной», калі спартсмен бяжыць ужо каля гадзіны, надыходзіць рэзкі заняпад сіл, гэта доўжыцца некалькі хвілін, а потым падключаецца тлушчавы метабалізм, мы прывыклі называць гэта «другое дыханне».

Дарэчы, людзі з такім відам метабалізму, як правіла, з'яўляюцца доўгажыхарамі. У адным з даследаванняў былі прааналізаваны гены ветэранаў вайны, якія перажылі блакаду Ленінграда. Вынікі казалі пра тое, што менавіта гены, якія адказваюць за эканамічнае расходаванне энергіі, дапамаглі перанесці людзям трагедыю і дажыць да 80-ці і больш гадоў.

Яшчэ адзін важны «спартыўны» ген адказвае за максімальнае спажыванне чалавекам кіслароду.

— З паветра мы забіраем кісларод, чым больш бярэш, тым больш энергіі атрымліваеш. Гэты фактар спадчынны і малазменлівы, у выніку трэніровак яго скарэктаваць можна толькі на 15%. Гэта значыць, чалавеку ў 10 гадоў ужо можна сказаць, ці падыдзе ён, напрыклад, для біятлона.

Зрабіць такія генныя тэсты вельмі проста, іх працэдура абсалютна бязбольная — ватнай палачкай досыць правесці па ўнутранай паверхні шчакі, гэта зойме менш за 5 хвілін. А вось для спецыялістаў тэст уяўляе досыць вялікі аб'ём работы, яго расшыфроўка можа заняць месяц.

Спадчына з характарам

Павел Адамавіч адзначае, што для фарміравання паспяховага спартсмена недастаткова добрых фізічных даных, 30—40% поспеху — гэта псіхалагічныя якасці, якія таксама перадаюцца па спадчыне.

— Характар, здольнасць цярпець, ставіць перад сабой мэты — гэта пэўныя псіхарысы, якія закладзены ў генах. Хутка, думаю, з'явіцца тэст, па якім можна будзе сказаць, якія псіхалагічныя рысы ў спартсмена будуць дамінаваць, а над якімі прыйдзецца дадаткова працаваць з псіхолагамі ці ўжываць біялагічнаактыўныя дабаўкі. Напрыклад, узровень сератаніна (адказвае за добры настрой), сістэма агрэсіі і адрэналіну вельмі важная ў спорце. Як вызначалі байцоў у Старажытным Рыме? Давалі прайсці па тонкім плоце з вострымі каламі на канцах, калі чалавек чырванее, дамінуе сістэма норадрэналіну — гэта добра для байца, у яго шматразова павышаюцца сілы, з'яўляецца рашучасць. Калі чалавек бялее, значыць, уключаецца сістэма адрэналіну — пераважае страх, спартсмен не зможа прыняць правільнае рашэнне, будзе пасаваць. Цяпер мы маем магчымасць вывучаць такія працэсы на малекулярным узроўні і на базе Цэнтра рэабілітацыі пачалі даследаваць нашу біятлонную зборную на прадмет псіхалогіі, аднак аб выніках гаварыць пакуль рана.

Правалены тэст — не прысуд

Спецыялісты запэўніваюць, калі праведзеныя даследаванні паказалі, што дзіця не схільнае, напрыклад, да сілавых відаў спорту, не варта адчайвацца.

— Генетыкі сцвярджаюць, што кожны чалавек мае мінімум дзве ці тры адоранасці. Таму пры дапамозе тэсціравання мы можам заўважыць іх хутчэй і прасцей. Калі нейкія гены кажуць, што чалавек не схільны да пэўных нагрузак, значыць, проста трэба стварыць правільную сістэму трэніровак або заняцца іншым відам спорту.

Шанц зберагчы сябе

Усё часцей можна пачуць аб раптоўнай смерці ў вялікім спорце, жыццё атлетаў часам абрываецца проста падчас матчаў, спаборніцтваў або трэніровак. Спецыялісты называюць такія няшчасныя выпадкі раптоўнай каранарнай смерцю. Генетычныя даследаванні здольныя іх папярэдзіць.

— Сёння гэта вялікая праблема, якая мае велізарныя генетычныя перадумовы. Па генах мы можам убачыць схільнасць да артэрыяльнай гіпертэнзіі, інсульту, інфаркту, ішэмічнай хваробы сэрца, што часцей за ўсё прыводзіць да раптоўнай смерці спартсменаў. Генетычныя тэсты дазваляюць прадказаць рызыкі, загадзя прадбачыць сітуацыю і папярэдзіць яе.

Феномен кенійскіх бегуноў

Аматарам спорту добра вядома, што самымі паспяховымі ў бегу на доўгія дыстанцыі заўсёды з'яўляліся кенійцы і эфіопы, а на кароткіх дыстанцыях найбольш паспяховымі застаюцца афраамерыканцы.

— Пад эгідай Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі ствараўся Цэнтр даследаванняў кенійскіх бегуноў, дзе праводзіліся розныя тэсты, у тым ліку аналіз кардыясістэмы, «кіслароднага транспарту» ў крыві, біямеханікі. Дакладнага адказу на пытанне, у чым іх феномен, няма. Але можна казаць, што тут важныя некалькі фактараў — генетычныя і ўмовы існавання. Па-першае, у людзей негроіднай расы лёгкая костка, напрыклад, усім вядомы, самы хуткі чалавек на зямлі, алімпійскі чэмпіён Усэйн Болт мае структуру цела, ідэальна прыдатную для бегу на кароткія дыстанцыі, — ён высокі, з тонкай косткай. Па-другое, Кенія і Эфіопія знаходзяцца на ўзроўні сярэднягор'я і высакагор'я, што дапамагае ім нашмат лепш насычаць сябе кіслародам падчас бегу на доўгія дыстанцыі, чым, напрыклад, жыхарам Лондана, Парыжа або Мінска.

Напрыканцы Павел Дрынеўскі адзначыў, што вывучаць свой арганізм карысна не толькі прафесійным спартсменам, але і аматарам, каб спорт кожнаму прыносіў толькі здароўе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Газета "Звязда"